КАРА́КСКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,

у складзе Камчацкай вобл. Рас. Федэрацыі. Утворана 10.12.1930 як Каракская нац. акруга, з 1991 сучасная назва. Пл. 301,5 тыс. км². Нас. 33 тыс. чал., гарадскога каля 40% (1997). Цэнтр — г.п. Палана. Гар. пасёлкі: Ільпырскі, Корф, Асора, Пахачы. Займае Пн п-ва Камчатка, прылеглую ч. мацерыка і в-аў Карагінскі; абмываецца Ахоцкім і Берынгавым морамі. (гл. карту да арт. Камчацкая вобласць).

Прырода. На тэр. К.а.а. пераважае горны рэльеф. На мацерыковай ч. Каракскае (выш. да 2562 м, г. Ледзяная) і Калымскае нагор’і, Пенжынскі, Ічыгемскі хрыбты, на паўвостраве Сярэдзінны хр. Нізіны Пенжынская і Парапольскі дол забалочаныя, шмат дробных азёр. Марскія ўзбярэжжы ў асноўным нізінныя. Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, сера, ртуць, буд. матэрыялы. Клімат субарктычны. Сярэдняя т-ра студз. ад -24 °C да -26 °C, ліп. 10—14 °C. Гадавая колькасць ападкаў 300—700 мм. Пашырана шматгадовая мерзлата. Гал. рэкі — Пенжына, Тыгіль, Вывенка, Пахача, Апука. Пераважаюць тундравыя і тарфяна-балотныя глебы. Расліннасць тундравая, у вярхоўях р. Пенжына лістоўніца, на зах. узбярэжжы каменная бяроза.

Гаспадарка. Асн. галіны — рыбная прам-сць, аленегадоўля. Здабыча бурага вугалю (45 тыс. т, 1996, Корфскае радовішча). Пушны промысел і зверагадоўля (собаль, пясец, норка). Малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Вырошчваюць кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Транспарт марскі і авіяцыйны. Суднаходства на р. Пенжына.

т. 8, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)